НІЗІ́ННАЕ БАЛО́ТА, эўтрофнае балота, травяное балота,

тып балот з багатым мінер. жыўленнем пераважна за кошт грунтавых вод. Фарміруюцца пры забалочванні сушы, зарастанні вадаёмаў, у далінах рэк, па берагах азёр, у месцах выхаду крыніц на схілах і інш. Характарызуецца ўвагнутай або плоскай паверхняй, багатым відавым складам раслін (вольха, вярба, бяроза, елка, зялёныя мхі). У раёнах з умераным кліматам гэта лясныя (з бярозай, вольхай), травяныя (з асокамі, трыснягом, рагозам) балоты; травяныя балоты ў дэльтах рэк Дняпро, Дон, Волга, Кубань, Дунай наз. плаўнямі. На Беларусі Н.б. займаюць 82,7% плошчы ўсіх балот. Пашыраны пераважна на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне (гл. таксама Балота).

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)